Засн. ў 1940 як філіял Цэнтр.гіст. архіва БССР, у 1960 ператвораны ў Цэнтр.дзярж.гіст. архіў БССР у Гродне, з 1993 — Бел.дзярж.гіст. архіў, з 1995 — Нац.гіст. архіў, з 1996 сучасная назва. Размяшчаецца ў будынку — помніку архітэктуры канца 18 ст. На 1.1.2000 у архіве больш за 1200 фондаў, 408 тыс. спраў. Захоўвае пераважна дакументы ўстаноў б. Гродзенскай губ. і Вілейскага, Дзісенскага, Лідскага, Ашмянскага пав. Віленскай губ.Рас. імперыі за 19 — пач. 20 ст.; у асобных фондах — дакументы 16—18 ст. Матэрыялы адлюстроўваюць грамадска-паліт. жыццё б. Гродзенскай губ., гісторыю нац.-вызв., рэв.-дэмакр. руху, маюць звесткі пра колькасць і склад насельніцтва, адм.-тэр. падзел, прававы стан саслоўяў, жыццё і дзейнасць вядомых прадстаўнікоў грамадска-паліт. руху, навукі, культуры (Т.Касцюшкі, П.Багрыма, Э.Ажэшкі і інш.), падзеі вайны 1812. Ёсць дакументы пра паўстанне 1863—64, дзейнасць К.Каліноўскага і яго паплечнікаў, сял. рэформу 1861, сталыпінскую агр. рэформу, дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў, устаноў эканомікі, гаспадаркі, нар. адукацыі, аховы здароўя. Захоўваюцца фонды органаў саслоўнага самакіравання, фінансава-падатковых устаноў, рэліг. канфесій, родавыя фонды Быхаўцаў і Слізняў. Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; уліку дакументаў, інфарм.-пошукавых сістэм і аўтаматызаваных архіўных тэхналогій; выкарыстання і публікацыі дакументаў; лабараторыя забеспячэння захаванасці і мікрафільмавання дакументаў. Працуюць б-ка (каля 11 тыс. кніг і брашур, 5 тыс.перыяд. выданняў), чытальная зала.
К.П.Батракова.
Будынак Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне.